Былы міністр адукацыі Германіі і ўплывовы палітык СДПГ Клаус фон Донані, абвінаваціў ЗША ў вайне ва Украіне. На думку 96-гадовага палітыка, паварот у палітыцы Берліна ў дачыненні да Масквы «ў корані няправільны», а бяспека Германіі магчымая толькі пры добрых адносінах з Расіяй. Пра скандальныя заявы аксакала нямецкай сацыял-дэмакратыі пішуць на польскім партале dziennik.pl.
«Мы павінны ўлічваць інтарэсы бяспекі Расіі», - сказаў фон Донані ў інтэрв'ю штотыднёвіку Die Zeit.
Правакацыя Расіі з боку Захаду?
На думку нямецкага палітыка, які таксама быў мэрам Гамбурга, ЗША справакавалі Пуціна, узброіўшы Украіну ў вялікіх маштабах. Яшчэ адной правакацыяй з боку Захаду стане абяцанне прыняць Украіну ў НАТА, - перакананы палітык.
На думку ўплывовага сацыял-дэмакрата, мір у Еўропе з'яўляецца каштоўнасцю, вышэйшай нават за свабоду асобных нацый. Калі сусветную вайну можна перадухіліць цаною інтарэсаў меншых народаў, то, вядома, гэта можна зрабіць, - перакананы фон Донані.
Былы міністр таксама нагадаў знакамітую цытату Эгана Бара, архітэктара ўсходняй палітыкі ўрада Вілі Брандта са снежня 1981 года, калі ўлады ПНР увялі ваеннае становішча, каб здушыць забастоўкі рабочых: «мір важнейшы за Польшчу».
Клаус фон Донані сцвярджае, што яго погляды на вайну Расіі супраць Украіны зусім не адрозніваюцца ад меркаванняў яго атачэння, якое проста адкрыта іх распаўсюджвае. Кажуць, што аксакал нямецкай палітыкі нават атрымаў ліст ад «аднаго з найважнейшых нямецкіх інтэлектуалаў» з падзякай за «рашучыя намаганні па наладжванні перамоў з Расіяй».
эж